Сыграли на «Десяточку»

ФК «ОСТРОВЕЦ» — ФК «СВИСЛОЧЬ» — 10:0 (2:0)

📅 3 июля ⏰ 17 30
📍 г. Островец. 🏟 АСК Стадион 👏🏻 400 зрителей.

⚽ ГОЛЫ: 1:0 — Ходневич (26, пас — Читанава), 2:0 — Купневский (38, пас — Читанава), 3:0 — Ходневич (46, пас — Новик), 4:0 — Ходневич (56, пас — Кашевский, с углового), 5:0 — Белевич (64, пас — Ходневич), 6:0 — Кошко (70, пас — Белевич), 7:0 — Ходневич (75, пас — Бутько, с углового), 8:0 — Ходневич (81, пас — Толкин), 9:0 — Ходневич (86, пас — Толкин), 10:0 — Фазылов (90+4, пас — Бутько).

 

Пакуль у Еўропе шумяць жарсці вакол чэмпіянату-2021, ФК “Астравец” радуе балельшчыкаў не менш відовішчнай і захапляльнай гульнёй. У Дзень Незалежнасці падчас чарговага матча Гродзенскага дывізіёну “зялёна-белыя” проста “раскаталі” сапернікаў са Свіслачы.

Праўда, спачатку ігракі нашай каманды прымусілі балельшчыкаў пахвалявацца. Мяркуйце самі: прайшло 5, 10, 15 хвілін, а лік заставаўся 0:0. Разбэшчаныя тым, што ў апошні час “зялёна-белыя” забіваюць літаральна на першых хвілінах, гледачы з нецярпеннем чакалі ад каманды галоў – а іх усё не было. Здавалася б, і гулялі гаспадары адмыслова, і атакі праходзілі, у асноўным, ля варот гасцей, а вароты сапернікаў былі, бы зачараваныя. Ды толькі на любую магію “зялёна-белыя” могуць знайсці супрацьяддзе – і гэта на 26-й хвіліне пацвердзіў нападаючы ФК “Астравец” Аляксей Хадневіч, які размачыў лік.

Пасля першага гола, вядома ж, хацелася працягу. “Трэба гол! Трэба гол!” – прасілі балельшчыкі. І гаспадары не прымусілі іх доўга чакаць. Удалая імклівая атака, моцны ўдар – і на 39-й хвіліне Дмітрый Купнеўскі зрабіў лік 2:0, які захаваўся да канца першага тайма.

У перапынку балельшчыкаў зноў парадавала акцыя “Зялена-белы стадыён”. На ўваходзе на футбольнае поле купон удачы атрымаў кожны глядач. А з нагоды Дня Незалежнасці колькасць прызоў павялічылі – на гэты раз разыгралі 9 падарункаў ад ФК “Астравец” і яго партнёраў.

Тое, што другі тайм будзе адрознівацца ад першага, стала зразумела адразу. Гаспадары ўжо не шкадавалі гасцей і не далі ім часу на адаптацыю, а хутка, жорстка і ўпарта пачалі штурм варот сапернікаў. Вось гэта быў пазнавальны стыль гульні “зялёна-белых”. Як вынік – мяч раз-пораз залятаў у сетку ФК “Свіслач”. На 47-й хвіліне гол зноў забіў Аляксей Хадневіч, а на 55-й ён жа зрабіў лік 4:0. На 63-й хвіліне эстафету па забіванні галоў перахапіў Аляксей Бялевіч, а на 72-й працягнуў Ягор Кашко. А затым зноў надышоў зорны час Аляксея Хадневіча, які забіў 3 галы запар з розніцай у 5 хвілін: на 75-й, 80-й і 85-й. І хто пасля гэтага запярэчыць, што ў нас ёсць свой раналду! Дарэчы, дасціпныя і творчыя фанаты ФК “Астравец” прыдумваюць не толькі агульныя “крычалкі”, але і асобныя – для футбалістаў. Пра Хадневіча гучыць так: “По воротам бьёт неплохо бомбардир Ходневич Лёха!”

Лік быў 9:0, калі скончыўся асноўны час, і галоўны суддзя дадаў яшчэ 4 хвіліны. Балельшчыкі патрабавалі яшчэ гол – і каманда не падвяла. Канчатковую кропку ў матчы прыгожым паспяховым ударам па варотах паставіў Аліхан Фазылаў – 10:0.

Захапляльная гульня, цудоўная перамога і неверагодныя эмоцыі пасля. Матч скончыўся, але над стадыёнам яшчэ доўга гучала “Астравец! Астравец!”. Шчырая падзяка за годную гульню. Гэта было прыгожа!

 

«Островецкая правда»

«Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.